Афіцыйны сайт
Адрас райвыканкама:
231940, г.п. Зэльва,
вул. 17 Верасня, 29
Электронная пошта:
z-yprd@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(015-64) -24135
Факс: 8-(015-64)-23024

5 кастрычніка 2019

Партрэт з Дошкі гонару. Лепшы ў вобласці супрацоўнік крымінальнага вышуку служыць у Зэльвенскім РАУС

Сярод годных людзей, якія заслужылі славу сваёй добрасумленнай працай, на раённай Дошцы гонару - фота старэйшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Сяргея Ацьман. Даводзіць пачатую справу да канца - адзін з галоўных прынцыпаў яго паспяховай працы.

Стаць міліцыянерам было зусім не юнацкай марай Сяргея. Пасля тэрміновай службы ў войску вырашаў, ісці працаваць па спецыяльнасці электраманцёрам (у 1998 годзе, да прызыву, скончыў Гродзенскае ПТВ № 41) або шукаць альтэрнатыву. Але ўсе планы змяніў звычайны выпадак. Сустрэў аднакласніка, разгаварыліся, і той прапанаваў Сяргею ісці разам з ім працаўладкоўвацца ў Зэльвенскае аддзяленне Дэпартамента аховы (у аддзяленне аховы тады як раз патрабавалася два супрацоўнікі). Сам таго не чакаючы, з чацвярых кандыдатаў прайшоў адбор адразу.

Пасля адпаведных праверак стаў праходзіць службу ў аддзяленні спачатку міліцыянерам-кіроўцам ўзвода міліцыі, пазней (з 2000 па 2006 гады) - міліцыянерам-кіроўцам групы затрымання. У той жа час скончыў завочна тэхнікум бізнесу і права па спецыяльнасці «правазнаўства» (пазней - Беларускі інстытут правазнаўства), і ў кастрычніку 2006-га быў прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі, дзе праслужыў да канца 2007 года. Гэта была добрая школа для маладога супрацоўніка, якая стала падмуркам для работы ў крымінальным вышуку спачатку на пасадзе оперупаўнаважанага.

- Так атрымалася, што самае першае ў маім жыцці дзяжурства адзначана раскрыццём крадзяжу ў рэстаране, - успамінае пачатак працоўнага шляху Сяргей Віктаравіч. - Гэта паслужыла добрым стымулам для далейшай працы. Самае цікавае, што сітуацыя паўтарылася, калі стаў участковым. У першы ж дзень ўдалося раскрыць забойства дзесяцідзённай даўнасці. 

Так што служба ў кожным з аддзяленняў пачыналася з падзяк і прэмій. Тады і ўзнікла жаданне працаваць у вышуку. Але, па словах старэйшага оперупаўнаважанага РАУС, жыццё аператыўніка крымінальнага вышуку зусім не суцэльная героіка-рамантычная прыгода з штодзённай рызыкай, хоць яна у працы, зразумела, прысутнічае. Пра сваю працу кажа так:

- Лірыкі, прама скажам, няшмат. Прафесійная практыка супрацоўнікаў крымінальнага вышуку поўная прыкладаў непрывабнага боку чалавечага жыцця. Так было і так ёсць. Выявіць, папярэдзіць, спыніць і раскрыць злачынства – гэта тое, чым кіруемся у сваёй справе.

 Маёр міліцыі Ацьман перакананы, што прафесійныя навыкі, уменне мець зносіны з людзьмі, безумоўна, прыходзяць не адразу. Вопыт назапашваецца з часам, калі чалавек проста з дня ў дзень добра робіць сваю працу. Важнай складнікам ў станаўленні аператыўнага работніка лічыць таксама падтрымку калектыву і выхавацеляў. І без поспеху нікуды. Нягледзячы натое, штоён  любіць напорыстых і цярплівых.

Менавіта такія супрацоўнікі і падабраліся ў калектыве, з якім разам служыць Сяргей Ацьман, - гэта адно згуртаванае і моцнае звяно. Сваё прафесійнае свята - Дзень стварэння крымінальнага вышуку - супрацоўнікі аддзялення пад кіраўніцтвам Аляксандра Бусловіча сустракаюць высокімі паказчыкамі ў аператыўна-вышуковай дзейнасці, умела вырашаюць задачы, якія ставіць перад імі час.

Дарэчы, вельмі знамянальным, асабліва для Сяргея Ацьмана, выдалася леташняе прафесійнае свята: у дзень стагоддзя крымінальнага вышуку на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску яму была ўручана Падзяка міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У бягучым годзе маёр Ацьман стаў пераможцам абласнога этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства на званне "Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку».