Галоўная / Навiны / Навіны раёна
25.02.2020

Семінар-вучоба для інспектараў па ахове працы адбыўся на Зэльвеншчыне

З мэтай эфектыўнага ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў рамках Дня бяспекі раённае аб'яднанне прафсаюзаў ініцыявала правядзенне навучальнага семінара для работнікаў арганізацый, абраных грамадскімі інспектарамі па ахове працы.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі раённай бібліятэкі, цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў, рэдакцыі газеты «Праца», дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Вядучымі семінара выступілі старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Ірына Пузач і галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Шлык. Яны прапанавалі дзве формы правядзення навучання - тэарэтычную і практычную.Падчас тэарэтычнай часткі былі разгледжаны заканадаўчыя і нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць ажыццяўленне кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы грамадскімі інспектарамі, а таксама парадак распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння інструкцый па ахове працы. Кожны з прысутных атрымаў наглядную памятку-інструкцыю і рэкамендацыю. Удзельнікі семінара сумесна абмеркавалі такія пытанні, як захаванне тэхнікі бяспекі пры выкананні работ у адміністрацыйных будынках, а таксама палажэнні часткі «Ахова працы» ў калектыўных дагаворах арганізацый.

Практычнае занятак складалася з некалькіх заданняў. Спачатку неабходна было знайсці парушэнні ў памяшканні, дзе праходзіла мерапрыемства. Свае веды ў сферы грамадскага кантролю інспектары паказалі ў віктарыне. На большасць пытанняў былі дадзены правільныя адказы.

- Правядзенне падобных мерапрыемстваў у калектывах спрыяе павышэнню ўзроўню ведаў па ахове працы. Мы вучым спецыялістаў уважліва ставіцца да вядзення ўсёй неабходнай дакументацыі, але самае галоўнае - не праходзіць міма парушэнняў і быць строгімі да тых, хто ігнаруе правілы жыцця, - рэзюмавала Людміла Шлык.