Галоўная / Навiны / Навіны раёна
18.02.2020

Валянцін Семяняка «Заканатворчасць павінна паляпшаць жыццё людзей»

Каля трох месяцаў таму, 17 лістапада, беларусы выбралі новы склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 110 выбраннікаў ўжо прынялі дэпутацкі мандат, прыступілі да сваіх абавязкаў. І адна з іх-непасрэдная праца ў акругах, узаемадзеянне з насельніцтвам. Так, на тыдні з жыхарамі Зэльвенскага раёна сустрэўся Валянцін Семяняка.

У працоўным візіце дэпутата было некалькі пунктаў-прыём грамадзян у Зэльвенскім райвыканкаме, Крэмяніцкім і Дзярэчынскім сельвыканкамах, дыялог з раённымі медыкамі. Дарэчы, выбар працоўнага калектыву, з якім сустрэўся Валянцін Міхайлавіч, не выпадковы. Работнікі ЦРБ у перыяд выбарчай кампаніі вылучылі яго кандыдатуру кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. За аказаны давер Валянцін Семяняка не аднойчы дзякаваў землякам і лічыць сваёй першараднай задачай апраўдаць іх надзеі, інфармаваць выбаршчыкаў аб праведзенай працы. І за невялікі тэрмін дзейнасці VII склікання зроблена нямала.

Як распавёў Валянцін Міхайлавіч, у поўнай меры да сваіх абавязкаў дэпутаты прыступілі ў снежні, пасля першай сесіі.

- Тады быў абраны старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Зацверджаны план работы на 2020 год. Сфарміраваны 14 пастаянных камісій, якія рэгулююць розныя сферы дзейнасці.

Дарэчы, зэльвенец узначаліў адну з іх. Валянцін Міхайлавіч-старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Сярод актуальных пытанняў, над якімі працуе структура – -законапраект аб дзяржаўнай сімволіцы, афіцыйнай геральдыцы. Як адзначыў Валянцін Семяняка, плануецца ўвядзенне паняцця «Эталон Дзяржаўнага герба і Сцяга». Магчымыя нязначныя змены ў малюнку першага.

Акрамя абмеркавання праектаў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю камісіі, члены Палаты прадстаўнікоў працуюць і над іншымі законамі. Напрыклад, адзін з апошніх - аб рэкламе. Большасць дэпутатаў сышліся ў меркаванні: на Беларускім тэлебачанні дарэчна перавага айчынных ролікаў.

- Галоўны крытэр заканатворчасці-выніковасць прапанаваных змяненняў. Яны павінны паляпшаць жыццё грамадства –  рэзюмаваў Валянцін Семяняка.