Галоўная / Навiны / Навіны раёна
10.03.2020

"Зімовы Кубак Зэльвы-2020" адправіўся ў Гродна

На Зэльвенскім вадасховішчы 7 сакавіка разыгралі Кубак па спартыўнай лоўлі рыбы дновай вудай метадам фідэр «Зімовы Кубак Зэльвы – 2020».

На пачатковым этапе прайшло лёсаванне-кожны ўдзельнік выцягнуў нумар са спецыяльна адведзеным месцам для рыбнай лоўлі. Пасля лёсавання, адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Прысутных павітаў старшыня Гродзенскага рыбалоўнага клуба Вадзім Смалякоў.

- Зэльвенскае вадасховішча-гэта адзін з найлепшых вадаёмаў нашай краіны, які адказвае ўсім патрабаванням: рэльеф дна на месцы лоўлі роўны, што стварае аднолькавыя для ўсіх спартоўцаў умовы, на дамбе можа размясціцца вялікая колькасць удзельнікаў, – адзначыў Вадзім Алегавіч.

Удзел у спаборніцтвах прымалі 50 рыбакоў, якія прыехалі да нас з розных куткоў Беларусі: Мінска, Гродна, Баранавічаў, Кобрына, Ваўкавыска, Слоніма. За выкананнем удзельнікамі ўсіх пунктаў становішча Кубка ў кожным сектары назіралі суддзі.

Пераможцы спаборніцтваў вызначаліся як сярод каманд, так і ў асабістым заліку. Пры падвядзенні вынікаў улічвалася сумарная колькасць балаў, набраная ўдзельнікамі каманд, у залежнасці ад вагі вылаўленай рыбы.

Па выніках спаборніцтваў “Зімовы Кубак Зэльвы-2020" адправіўся ў Гродна: пераможцам стала каманда "On Hook Grodno". Агульная вага вылаўленай рыбы гродзенскіх рыбакоў склала 25 580 кг.,другое месца заняла каманда «Flagman Belarus " (Гродна, агульная вага 20 800 кг), бронзавым прызёрам стала каманда «BiG BreaM Grodno» (Гродна, агульная вага 20 550 кг).

У асабістым заліку пераможцамі сталі Алег Каваленка (7 610 кг), Віталь Некрашэвіч (6 310 кг), Дзмітрый Баўшэвіч (6 240 кг).

Рыбалка падарыла ўсім прысутным велізарны зарад пазітыву і выдатны настрой.