Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231940, г.п. Зельва,
ул. 17 Сентября, 29
Электронная почта:
z-yprd@mail.grodno.by
Телефон: 8-(015-64)-24135
Факс: 8-(015-64)-23024

6 июля 2019

У купальскую ноч мары здзяйсняюцца. У гэтым пераканаліся зэльвенцы падчас народнага гуляння ля вадасховішча

 https://zelwa.by/u-kupalskuyu-noch-mary-spaunyayucca-u-getym-perakanalisya-zelvency-padchas-narodnaga-gulyannya-lya-vadashovishcha/

Песні, танцы, карагоды, гульні і варажба – усё гэта аб’яднала ў сабе народнае свята Купалле. А колькі традыцый і вераванняў нясе з сабой купальская ноч! Яшчэ нашы продкі верылі ў летні дзень сонцастаяння і дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за ўраджай года. Нашчадкі захавалі паданні і абрады і ноч з 6 на 7 ліпеня праводзяць ля вады. Так і зэльвенцы з года ў год падтрымліваюць народную традыцыю і збіраюцца разам, каб весела адсвяткаваць Купалле. Усіх гасцей шчыра віталі Купаліш з Купалай. Вясёлай песняй яны адразу ж задалі настрой. Прапанавалі падпяваць любімыя кампазіцыі, удзельнічаць у конкурсах і гульнях. Дзяўчыны добра ведаюць адну з прыкмет – як правядзеш купальскую ноч, такі і год будзе, таму плялі і ўпрыгожвалі вянкі кветкамі, галінкамі бярозы і дуба, выбіралі сабе пару. А затым адгадвалі зёлкі, з якімі завітала на пляцоўку спадарыня-траўніца. За кожны правільны адказ і за прыгожы вянок пераможцы атрымалі прызы. Сярод прысутных шмат было жадаючых паваражыць. Следам на маляўнічы бераг выйшла Купалінка са сваімі сяброўкамі. Згодна звычаю, спачатку пад музыку яны вадзілі карагоды з вянкамі, а затым накіраваліся да вады, каб апусціць іх на хвалі. Некалькі соцень зэльвенцаў і гасцей пасёлка назіралі, як закружыліся вянкі і паплылі ад берага. Калі верыць павер’ю: сёлета дзяўчыны знойдуць сваю другую палову. –Некалькі гадоў таму былі ў Зэльве, вельмі спадабалася свята, – кажуць госці з Гродна Юлія і Наталля. – Пашанцавала як раз на Купалле прыехаць да вас. Цудоўная атмасфера, добры настрой. Усе весяляцца, расказваюць аб прыкметах. І хочацца верыць, што ўсё ў нашым жыцці будзе добра. –Па-першае, уразіла масавасць, – дзеліцца Дзмітрый. – Я прыехаў з Ваўкавыска і можа вы не паверыце, але нават у горадзе не збіраецца столькі людзей. А колькі моладзі! Мне вельмі цікава назіраць за фальклорнымі момантамі. Нацыянальныя касцюмы, песні, гульні. Весела, забаўна, запамінальна. –Усё даспадобы, – прызнаецца Насця з Мінска. – Столькі ўражанняў ад самабытнай культуры. Вельмі добра, што спадчына захавалася і менавіта ў такім фармаце даносіцца да нас, маладых. Я і спяваю, і падтанцоўваю. Вялікі дзякуй арганізатарам! Пакуль госці дзяліліся ўражаннямі, дзейства разгарнулася ля вогнішча. Каб ачысціцца ад благога і нядобрага, Купаліш кінуў Марэну ў агонь. Але галоўная інтрыга свята была наперадзе. Лічыцца, хто знойдзе ў купальскую ноч папараць-кветку, у таго і мары здзейсняцца. Уладальнікам прыгожай кветачкі стала Валерыя з Гродна. Дзяўчынка не стала раскрываць сакрэту свайго жадання. Але падарунак ад Купаліша атрымала. Прадоўжылася вечарына канцэртнай праграмай і дыскатэкай. Малеча забаўлялася на батутах і гульнёвых пляцоўках, размалёўвала твары і гушкалася на арэлях. Дарослыя прыселі за столікі паспрабаваць зэльвенскіх прысмакаў. Ну, а артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама самадзейныя выканаўцы Яна Кучарава і Ксенія Дземідок дарылі слухачам прыгожыя кампазіцыі.