Афіцыйны сайт
Адрас райвыканкама:
231940, г.п. Зэльва,
вул. 17 Верасня, 29
Электронная пошта:
z-yprd@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(015-64) -24135
Факс: 8-(015-64)-23024

24 снежня 2019

У рамках акцыі «Нашы дзеці» выхаванцы СПЦ і ЦКРНіР атрымалі падарункі ад прадстаўнікоў раённай улады

 У рамках акцыі «Нашы дзеці» прадстаўнікі раённай улады разам з Дзедам Марозам і Снягуркай з надыходзячымі святамі павіншавалі дзетак раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Сёння ў СПЦ пражываюць пяцёра дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў: Ангеліна, Дзіма, Алёшка, Саша і малая Жэнечка. У ЦКРНіР на навучанні знаходзяцца чацвёра школьнікаў: два Максімкі, Ромка і Вераніка. А таксама чацвёра дашкалят: Сашка, Арсень, Жэня і Ігнат.

Такая вялікая кампанія ў мігатлівай елкі ўчора і сустракала гасцей. Праўда, прыхварэла і не змагла трапіць на свята ў гэты дзень Вераніка. Але выхавацелі запэўнілі, што падарунак ад Дзядулі Мароза дзяўчынка абавязкова атрымае, як ачуняе.

З віншаваннямі да маленькіх зэльвенцаў прыйшлі старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі, намеснік старшыні Сяргей Лойка і начальнік аддзела адукацыі Наталля Булак.

- Хай у новым годзе здзейсняцца вашы самыя запаветныя жаданні, надзеі і мары. Моцнага вам здароўя, поспехаў у вучобе, поспеху і добрага настрою, - пажадалі дзецям прадстаўнікі ўлады.

І наступіў галоўны момант урачыстасці - ўручэнне падарункаў. Дзеці былі задаволеныя і шчыра ўдзячныя гасцям за візіт.

Пасля цёплых слоў дзеці разам з Дзедам Марозам і Снягуркай вадзілі карагоды вакол зялёнай прыгажуні, спявалі песні і расказвалі чарадзеям вершы.

А ў завяршэнні ранішніка хлапчукоў і дзяўчынак чакаў яшчэ адзін сюрпрыз - салодкі стол.